вівторок, 31 грудня 2013 р.

Ліна Кастэнка, "Боль адзінай зброі"

Ліна Кастэнка
БОЛЬ АДЗІНАЙ ЗБРОІ
Слова, мая ты адзіная зброя,
Мы не павінны загінуць абое.
Леся Украінка
У мегафонах мальваў — пеўняў спеў,
Ажно дрыжыць паліваю світанак…
Мой родны краю,
зроду ты не меў
нейтральных барваў — прэсных пурытанак.
Чырвона-чорны догмат рукава.
Пшанічны прынцып сонечнае нівы.
О, колькі слоў смарагдавых сяйва
было ў табе і выбухала жнівам.
З зямлі ўзрасталі словы, як жыты.
Налітым зернем выплывала мова.
Яна як хлеб мне шчодры і святы.
Крывёю продкаў ззяла пурпурова.
А хтось у ёй капаў за ровам роў.
Таптаў найдаражэйшае нам поле.
І сніцца сон: пасецца гурт кароў —
сем тлустых, ды худых паболей.
Азіміну скубуць і ярыну,
і брудзяць, брыдзяць, капытамі садзяць.
Трагічная мая! Табе труну
не толькі ворагі — сыны твае ўжо ладзяць.
Бяссмертная мая! Смяешся церпка.
Ты ў той труне, не змесцішся, дарэчы.
Яны ж бо ёлупы, яны ж знімалі мерку
З тваёй няславы й ганьбы, а не з велічы!
Твой дух ад тых зняваг не стаўся пусткай,
хоць лёс нам слаў кілімы чарнаты
то ад Вілюйска да Халуйска,
то з Кіева да Варкуты.
З усіх трыбун — аж дым над дэмагогам.
Усе кладуць ў аснову ленінізм.
Бо ж так ніхто не прысягае богам,
Як сатана — той самы шавінізм.
Як ты з тугою звыклася палыннаю!
Як часта крывадушыў твой Парнас!..
Кусок зямлі,
завешся ты Ўкраінаю.
Ты быў да нас. Ты будзеш пасля нас.
Мой пракаветны,
Мой умыты росамі,
сусветны,
кветны,
зорысты, з жывінкаю…
Калі ты нават зваўся Маларосіяй,
твая паэтэса была Украінкаю.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.

понеділок, 30 грудня 2013 р.

Паўло Тычына, "О панна Іна"

Паўло Тычына
О ПАННА ІНА
О панна Іна, панна Іна!
Адзін. Акно. Снягі…
Сястру я Вашу так кахаў —
Нявінна, аблачынна.
Кахаў? Даўно. Цвілі лугі…
О панна Іна, панна Іна,
Кахання ўсмех квітнее раз — хвілінна.
Снягі, снягі, снягі…
Я Вашы вочы памятаю,
Як музыку акта́ў.
Зімовы вечар. Ціша. Мы.
Я Вам чужы — я знаю.
А хтось крычыць: сваю спаткаў!
І раптам — неба… шолах гаю…
О не, то вочы Вашы. Я рыдаю.
Сястра ці Вы? Кахаў…
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.

суботу, 28 грудня 2013 р.

Радка Стаянаў, "Бо Ты ж Багіня"

Радка Стаянаў
БО ТЫ Ж БАГІНЯ
Ручай да рэчкі коціць воды,
а рэчка — да марскіх глыбінь.
Ну, а мяне к табе заўсёды
нясе юнацкай мары плынь.
Улі ў душу мне спадзяванні!
Улі вясёлкавы нектар!
Наканавана нам дазвання
Спазнаць той шчодры Божы дар.
Усё мінецца хуткацечна,
Як выбліск яркі, прамільгне.
А мы з Табою жыцьмем вечна,
бо Ты ж Багіня для мяне!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.

четвер, 26 грудня 2013 р.

Багдан Лепкі, "Яна там ёсць..."

Багдан Лепкі
ЯНА ТАМ ЁСЦЬ…
Стаяў адзін я, бы салдат на варце,
Пакінуты сярод чужых краёў,
І Украіну я шукаў на карце,
Шукаў, шукаў, ды так і не знайшоў.
Разбітая памежнымі слупамі,
У полымі пажараў і зарніц,
Раздзёртая варожымі мячамі,
Канала ціха між сваіх граніц.
Кругом чарэп’е, косці, папялішча,
Нязнанага няпройдзены бязмер,
А ў тым бязмеры йдзе, і злосна свішча,
І вые воўкам люты голад-звер.
Не, не! Я больш не выстаю на варце,
Заплюшчу вочы, зброю ўсю складу…
Я Украіны не знайшоў на карце,
Быць можа, я ў душы яе знайду.
Яна там ёсць. Адзіная, святая,
Ад Сана непадзельная па Дон,
Такая вольная, буйная, залатая,
Як непаўторны маладзецкі сон.
Настане час, калі той сон мінецца.
І ява будзе лепшаю ад мрой,
А покуль што хай нават свет хіснецца,
Хоць ты адзін, а вер і моцна стой!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.

середу, 25 грудня 2013 р.

Нікола Вапцараў, "Развітальны верш"

Нікола Вапцараў
РАЗВІТАЛЬНЫ ВЕРШ
Жонцы
Я ў сон твой іншы раз прыйду здалёку,
як госць неспадзяваны і часовы.
Не пакідай мяне ў надворным змроку
і дзверы не засоўвай.
Ступлю нячутна, недзе прытулюся,
разгледжу ў цемры твар твой мілавідны.
Калі ж уволю зрок ім наталю свой,
то пацалую і ціхутка выйду.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.

неділю, 22 грудня 2013 р.

Ліна Кастэнка, "Прыпавесць пра раку"

Ліна Кастэнка
ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА РАКУ
Даўно-даўно была рака Дыяла.
І жыў персідскі цар, што зваўся Кір.
І лотасы бялелі, бы піялы.
Гуляў агнямі бераг, як факір.
То раць цара ішла на пераправу.
Святарны конь прапаў там пад вадой.
І Кір пачаў супроць Дыялы справу.
Наладзіў нечуваны суд над ёй.
Ён прысудзіў, каб не было Дыялы.
Смяротны вырак ёй агаласіў.
Ён у пясках сказаў капаць каналы,
І дрэвы ссек, і травы пакасіў.
Тады ў пустыню воды тыя зрушыў.
Рака памерла. Не было ракі.
Прайшло па ёй ваярства, як па сушы.
Прайшло ваярства… І прайшлі вякі…
Засыпала пяскамі ўсе каналы.
Рака ізноў цячэ ў сваім ручве.
Цара няма. Ды ёсць рака Дыяла.
Загінуў Кір. Але рака жыве.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.

середу, 18 грудня 2013 р.

Нікола Вапцараў, "Ліст"

Нікола Вапцараў
ЛІСТ
Ці помніш мора,
караблі з судзінамі,
і трумы, дзе пануе ліпкі змрок?
Як трызнілі з табою
Філіпінамі
і зорамі буйнымі
Фамагусты?
Ці помніш ты, як прагавіты зрок
матросы кідалі далёка —
туды, дзе дня згасала спёка
і брыз трапічны дыхаў густа.
Ці помніш ты, як мы
ўсё болей, болей
у добрасць і людзей гублялі веру,
і стылі
спадзяванні нашы
й воля,
рамантыка,
і мроі,
і намеры.
Ці помніш ты,
як у адну мінуту
жыццё загнала нас
у пастку зманам?
Схапіліся мы.
Позна.
Доля люта нас зламала.
Нам вочы, бы звярам зыманым, волі
ўмольна
просячы ў фартуны,
свяціліся
надзеяй на ратунак.
А ты быў юны,
я — таксама юны!..
Пасля… пасля
нянавісць з кожным разам
усё глыбей урэзвалася ў сэрца.
І, як гангрэна
ці хутчэй праказа,
душу губіла
ў цяжкай паняверцы.
Яна пляла бязлітасна цянёты
трывожных сноў,
адчаю і журботы,
яна труціла кроў,
яна цвяліла раны,
але было шчэ рана, вельмі рана…
А ў вышы —
у аблоках —
о, дзівосы! —
зіхцела крылле чаек непаўторна.
І, як слюда, іскрыліся нябёсы,
сінела неабдымная прастора,
хаця за край яе ўсё болей, болей
распаласканых ветразяў
сплывала
і чэзла ў вечаровым наваколлі,
ды мы аслеплі ад святла навалы.
Мінула ўсё. Але раней з табою
мы беды напалам усе дзялілі,
і я хачу сказаць табе пра тое,
што перамог зняверу і бяссілле.
Цяперашні настрой мяне спыняе
прыставіць пісталет
сабе
да скроні,
а ў сэрцы гнеў ды злосць
перамяняе
у барацьбу
што бурапеніць
сёння.
І мы яшчэ затрызнім
Філіпінамі,
і зорамі буйнымі
Фамагусты,
і страпянёмся сэрцамі бадзёра,
і зноў палюбім караблі з судзінамі
на сініх ды бязмежных хвалях мора,
дзе дыхае трапічны вецер густа.
Упала ноч.
І карабель павольна
спявае,
навявае прагу веры.
О, як жыццё люблю я неспатольна!
І ненавіджу
зманныя
хімеры…
Ясней за ясны дзень: мы немінуча
галовамі праб’ём ільдоў грамаддзе.
І сонца,
наша сонца,
шчэ сляпуча
заззяе на пахмурным
даляглядзе.
І хай яно
пасля
агністым промнем
мне, быццам матыльку, апаліць крылле.
Не стану наракаць на лёс,
бо помню,
што ўсё адно навек
засну ў магіле.
Але памерці ў час,
калі страсае
зямля
з сябе
атрутлівую плесню,
калі мільёны душ уваскрасаюць —
вось гэта песня,
гэта, праўда, песня!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.

вівторок, 17 грудня 2013 р.

Ліна Кастэнка, "Жыццё ідзе і ўсё без карэктур..."

Ліна Кастэнка
* * *
Жыццё ідзе і ўсё без карэктур.
І час ляціць, не сцішвае галопу.
Даўно няма маркізы Пампадур,
і мы жывём ужо пасля патопу.
Не ведаю, што здарыцца па нас,
якім прырода ахінецца ўбраннем.
Адзіны, хто не зморваецца, — час.
А нам спяшацца трэба, бо прыстанем.
Зрабіць хоць нешта добрае для ўсіх,
а мы, нічога, — пройдзем, нібы цені,
абы нябёсаў вочы кожны міг
зямлю святую бачылі ў цвіценні.
Абы лясы не змерлі так, як тур,
і словы не змарнелі так, як руды.
Жыццё ідзе і ўсё без карэктур,
і хіб з радка не выкінеш нікуды.
Але, паэт, не бойся тых заган.
Не бойся азарэнняў: гэта лекі.
Не бойся праўды, што сячэ да ран,
журбот не бойся, хоць яны як рэкі.
Людзям у душы бойся сеяць зман,
бо як хлусіць пачнеш, то ўжо навекі.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.