Показ дописів із міткою Нікола Вапцараў. Показати всі дописи
Показ дописів із міткою Нікола Вапцараў. Показати всі дописи

середа, 25 грудня 2013 р.

Нікола Вапцараў, "Развітальны верш"

Нікола Вапцараў
РАЗВІТАЛЬНЫ ВЕРШ
Жонцы
Я ў сон твой іншы раз прыйду здалёку,
як госць неспадзяваны і часовы.
Не пакідай мяне ў надворным змроку
і дзверы не засоўвай.
Ступлю нячутна, недзе прытулюся,
разгледжу ў цемры твар твой мілавідны.
Калі ж уволю зрок ім наталю свой,
то пацалую і ціхутка выйду.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.

середа, 18 грудня 2013 р.

Нікола Вапцараў, "Ліст"

Нікола Вапцараў
ЛІСТ
Ці помніш мора,
караблі з судзінамі,
і трумы, дзе пануе ліпкі змрок?
Як трызнілі з табою
Філіпінамі
і зорамі буйнымі
Фамагусты?
Ці помніш ты, як прагавіты зрок
матросы кідалі далёка —
туды, дзе дня згасала спёка
і брыз трапічны дыхаў густа.
Ці помніш ты, як мы
ўсё болей, болей
у добрасць і людзей гублялі веру,
і стылі
спадзяванні нашы
й воля,
рамантыка,
і мроі,
і намеры.
Ці помніш ты,
як у адну мінуту
жыццё загнала нас
у пастку зманам?
Схапіліся мы.
Позна.
Доля люта нас зламала.
Нам вочы, бы звярам зыманым, волі
ўмольна
просячы ў фартуны,
свяціліся
надзеяй на ратунак.
А ты быў юны,
я — таксама юны!..
Пасля… пасля
нянавісць з кожным разам
усё глыбей урэзвалася ў сэрца.
І, як гангрэна
ці хутчэй праказа,
душу губіла
ў цяжкай паняверцы.
Яна пляла бязлітасна цянёты
трывожных сноў,
адчаю і журботы,
яна труціла кроў,
яна цвяліла раны,
але было шчэ рана, вельмі рана…
А ў вышы —
у аблоках —
о, дзівосы! —
зіхцела крылле чаек непаўторна.
І, як слюда, іскрыліся нябёсы,
сінела неабдымная прастора,
хаця за край яе ўсё болей, болей
распаласканых ветразяў
сплывала
і чэзла ў вечаровым наваколлі,
ды мы аслеплі ад святла навалы.
Мінула ўсё. Але раней з табою
мы беды напалам усе дзялілі,
і я хачу сказаць табе пра тое,
што перамог зняверу і бяссілле.
Цяперашні настрой мяне спыняе
прыставіць пісталет
сабе
да скроні,
а ў сэрцы гнеў ды злосць
перамяняе
у барацьбу
што бурапеніць
сёння.
І мы яшчэ затрызнім
Філіпінамі,
і зорамі буйнымі
Фамагусты,
і страпянёмся сэрцамі бадзёра,
і зноў палюбім караблі з судзінамі
на сініх ды бязмежных хвалях мора,
дзе дыхае трапічны вецер густа.
Упала ноч.
І карабель павольна
спявае,
навявае прагу веры.
О, як жыццё люблю я неспатольна!
І ненавіджу
зманныя
хімеры…
Ясней за ясны дзень: мы немінуча
галовамі праб’ём ільдоў грамаддзе.
І сонца,
наша сонца,
шчэ сляпуча
заззяе на пахмурным
даляглядзе.
І хай яно
пасля
агністым промнем
мне, быццам матыльку, апаліць крылле.
Не стану наракаць на лёс,
бо помню,
што ўсё адно навек
засну ў магіле.
Але памерці ў час,
калі страсае
зямля
з сябе
атрутлівую плесню,
калі мільёны душ уваскрасаюць —
вось гэта песня,
гэта, праўда, песня!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.