Показ дописів із міткою пераклад. Показати всі дописи
Показ дописів із міткою пераклад. Показати всі дописи

понеділок, 23 квітня 2018 р.

Ісраэл Някрасаў, "Я твой раб"

Ісраэл Някрасаў
Я ТВОЙ РАБ
— Я твой раб, дарагая, ты — радасць вачэй.
Я ўсім сэрцам адданы твайму хараству.
Зажадаеш — памру.
— Дык памры як хутчэй…
Я дагэтуль жыву.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2018.

четвер, 7 вересня 2017 р.

Іна Снарская, "Сынам"

Іна Снарская
СЫНАМ
А сыны йдуць і йдуць недзе ў свет
І назад не прыходзяць…
Васіль Стус
1
Што за пара? У полі на крыжы
Па крумкачы, па суме, па адчаі…
І так халодна й горасна начамі,
Аж немаўлятка ў прыгаршчах дрыжыць.
Яму б схавацца ў мамы, каля сэрца,
А тут акопы, выбухі… Вайна.
За крок да волі і за крок да смерці —
Чужая незагойная віна.
Сыны ідуць, ад дому шлях прастаюць.
Зямля і неба — быццам не для іх.
Яны лісты ад мацерак гартаюць,
Што прарастаюць на шляхох, на ўсіх
Пуцінах-сцежках ад зары да сэрца,
На скрыжаваннях з жальбай і журбой.
Адна любоў ратуе іх ад смерці,
Адна любоў іх зноўку кліча ў бой.
2
Гарматы цяпер маўчалі,
І не было выпраў,
Сокал кружыў начамі,
Стэп прычашчаў.
Сокале мой крылаты,
Першым здабыў ты гарт,
Калі палеглі салдаты,
Зведаўшы роспач страт.
Крыллем сваім Айчыну
Ты агарнуў, збярог.
Дзверы зары адчынены.
Жыцьмуць сыны ў вякох!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2016.

вівторок, 16 серпня 2016 р.

Васіль Сіманенка, "Лебедзі мацярынства"

Васіль Сіманенка
ЛЕБЕДЗІ МАЦЯРЫНСТВА
Крыллем лебедзі з туману мільгацяць ружовым,
Засыпае ноч ліманы зор’ем сургучовым.
Заглядае ў шыбу казка срэбнымі вачыма,
Ззяе мацерына ласка за яе плячыма.
Ой, нясі ад нас дакуку, дабрадзей-вятрыска,
Не пушчу яе люляць я сынаву калыску.
Прыплывайце да сыночка, лебедзі, як мары,
Апусціцеся пад вейкі, знічкі, з-па-за хмары.
Пеўні змрок трывожылі недзе ў старане,
Танцавалі лебедзі ў хаце на сцяне,
Лапаталі крыламі, цешыліся ценем,
Казыталі мроіва зорным зіхаценнем.
Вырасцеш ты, сыне, рушыш у дарогу,
У душы прачнецца не адна трывога.
У садах русалкі з чорнымі брывамі
Трызніцьмуць табою хмельнымі начамі.
І цябе гукацьмуць, марачы пра песты,
Хлопцаў чарначубых гожыя нявесты.
Можаш выбіраць ты жонку і сябрыну,
Нельга выбраць толькі родную Айчыну.
Можна выбраць друга, можна — пабраціма,
Выбіраць жа маці, сыне, немагчыма.
Будуць за табою мкнуцца ўдзень і ўночы
Белая хаціна й мацерыны вочы.
І калі ўпадзеш ты на чужынскім полі,
Прыйдуць з Украіны вербы і таполі.
Стануць над табою, лісцем зашаргочуць,
Смуткам развітальным сэрца заласкочуць.
Можна ўсё на свеце выбіраць без спыну,
Нельга выбраць толькі родную Айчыну.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2016.

середа, 3 лютого 2016 р.

Мікола Цярэшчанка, "Бяскрылы"

Мікола Цярэшчанка
БЯСКРЫЛЫ
Доўга птах ляцеў
і ад таго
крылле ўсё
пасеклася ў яго.
І асеў тады ён на траву:
— Не,
бяскрылы
я не пражыву!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2016.

вівторок, 14 липня 2015 р.

Ліна Кастэнка, "Сучаснікі"

Ліна Кастэнка
СУЧАСНІКІ
Канстанцыя ў фатэль упала. Ёй,
зняможанай, настой далі насонны.
Сядзелі дзеці з нянькаю старой.
Прыдворніцы прымервалі фасоны.
А ён памёр, і гэта ж назаўжды!
Чаго ж ніхто не ўкажа ім дарогі?!
Да могілкаў нармальных — не туды,
яго ж вязуць на могілкі для ўбогіх.
А тут яшчэ і дождж паліў з нябёс,
прымусіўшы працэсію спыніцца.
Труну вазак да могілкаў давёз,
паставіў брамнік нанач у капліцу.
І заўтра дождж. Адклалі зноў на час.
Пажупілі, чагось хапілі моцнага.
А дзень за днём. І брамнік той загас.
Дый невядома, дзе магіла Моцарта.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2015.

понеділок, 20 квітня 2015 р.

Ліна Кастэнка, "Стаяла груша, зелянеў лясочак..."

Ліна Кастэнка
* * *
Стаяла груша, зелянеў лясочак.
Стаяла неба ў дзіўнай сівізне.
У грушы быў танюткі галасочак,
яна ў маленства клікала мяне.
Мы доўга й шчыра гутарылі ў полі,
не чулі нават рокату шашы.
Стары Сізіф убачыў, як міжволі
мне глыбы дзён зрываюцца з душы.
Стаялі з грушай мы ў пахмурнай просіні,
размовай захапіўшыся сваёй.
Баялася яна сцюдзёнай восені,
а я трымцела перад сумятнёй.
Удзвюх мы прагна слухалі зязюльку.
І хмары йшлі, як нетутэйшы дым.
Сізіф курыў сваю даўкую люльку,
ён так хацеў здавацца маладым.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2015.

субота, 18 квітня 2015 р.

Ліна Кастэнка, "Ціхая раскоша шчодрых вод..."

Ліна Кастэнка
* * *
Ціхая раскоша шчодрых вод.
Сонечна-зялёныя прычалы…
О Дняпро, ты, як і мой народ,
велічны, лагодны і трывалы.
Віру смех іскрысты, дзе чарот.
Глыбіня сцюдзёная ля кручы…
О Дняпро, ты, як і мой народ,
жартаўлівы, мудры і пявучы.
Плыні наравісты разварот.
Хваль бурлівых пляск далёкачутны…
О Дняпро, ты, як і мой народ,
горды, вольналюбны і магутны.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2015.

пʼятниця, 10 квітня 2015 р.

Ірына Роік, "Дзень прадмесцяў прыгас..."

Ірына Роік
* * *
Дзень прадмесцяў прыгас — свежа пырскае снег
на абліччы сабораў. І з храма
вера ціха выходзіць, ступае без вех,
як ступалі Ева з Адамам.
Сінь і гоні вакол — бы на мапе якой,
я кранаю палітры валоссе.
Вера, быццам бы слава, цячэ ў твой спакой
і хвалюе будынкаў калоссе.
Лёд прадсэрдзяў растаў — і вада лье ды лье,
рукі поўняцца стомы металам.
Вера ж крылы імкнецца прасцерці свае
і у шчасці тоне трывалым.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2015.

пʼятниця, 16 січня 2015 р.

Васіль Стус, "Трывай, трывай — трыванне дух гартуе..."

Васіль Стус
* * *
Трывай, трывай — трыванне дух гартуе,
шліфуе нораў, звычаі твае.
Ніхто цябе з бяды не паратуе,
ніхто й з дарогі ўласнай не саб’е.
На ёй і стой, і стой ажно да скону,
па век вякоў трывала стой і стой.
Хай шлях у пекла, рай, ціскі палону —
трымайся ўзбоч ад роспачы і мрой.
Масці свой шлях — той, што тваім назваўся,
той, што абраў цябе да схілу дзён.
Адмалку ты яму наканаваўся,
табе ад Бога суджаны быў ён.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2015.

неділя, 14 грудня 2014 р.

Васіль Сіманенка, "Прароцтва 17-га года"

Васіль Сіманенка
ПРАРОЦТВА 17-ГА ГОДА
Гранітныя калоны, як медузы,
Паўзлі, паўзлі і выбіліся з сіл —
На могілках застрэленых ілюзій
Ужо няма мясціны для магіл.
Мільярды вер не вынеслі пакуты,
Мільярды шчасцяў каты сцерлі ў прах.
Душа гарыць. Палае розум люты.
Нянавісць скрозь рагоча на вятрах.
Каб думкі праяснелі ў затлумёных,
Каб да забітых зноў вярнуўся дух,
Дык неба, патанулае ў праклёнах,
Расселася б ад сораму і скрух.
Адплаціцца вам, каты, па заслузе!
Жыццё не нацягнуць на ваш капыл.
Вы чуеце? На могілках ілюзій
Ужо няма мясціны для магіл!
Цяпер народ — адна буйная рана,
І ад крыві хіжэе ўжо зямля,
І кожнага забойцу і тырана
Ужо чакае звітая пятля.
Бо сціжмы зацкаваных і забітых
Усталі й летуцяць аб судным дні,
І кляцьбы іх, згарчэлыя ў іспытах,
Падуць на гурбы душ гнілых і сытых,
І захістаюць дрэвы самавітых
Апосталаў злачынства і хлусні!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

пʼятниця, 5 грудня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Калі замоўклі менуэты..."

Ліна Кастэнка
* * *
Калі замоўклі менуэты
і гук тэрцынаў боскіх сціх,
былі ж музыкі і паэты,
ды не такія, як да іх.
Ішлі вякі, мільгалі людзі.
І адрасы мяняў Парнас.
Было ўсё так, як больш не будзе,
вось як пры іх, а не пры нас.
О Божа наш святы, адзіны!
Усяк бывае ж малады.
А ўсё не так, як праз часіны,
і ўсё не так, як пры тады.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

неділя, 12 жовтня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Я кіну ўсё..."

Ліна Кастэнка
* * *
Я кіну ўсё. Я веру ў кіламетры —
сасмаглыя, стамлёныя здаўна.
Нямала іх у матухны Дэметры —
багіняю зямлі была яна.
О, разматай дарогі мне, багіня!
Мне б за вачыма ўдалеч уцячы.
Ратуй мяне, ратуй мяне, бо гіне
мая душа, ў чужую гледзячы.
Пяшчотна так, з пачуццямі адданымі,
насуперак разумнаму ўсяму.
Ратуй мяне разлукаю і далямі, —
з сабою і ўспаміну не вазьму.
У горычы ааз праменнай цэдры,
дзе гром трымае ліўні ў рукаве,
дзе толькі адзінока вёрсты-зебры,
пасуцца у запыленай траве, —
хай будзе стэп, хай будзе лес і горы,
хай выбухнеш ты лютасцю зямной,
калі з вачыма злымі семафоры
журбою шлях зальюць перада мной!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

вівторок, 7 жовтня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Страшыся слоў, калі яны маўчаць..."

Ліна Кастэнка
* * *
Страшыся слоў, калі яны маўчаць
ці ў нейкім затаіліся прадвесці,
калі няўцям, з чаго іх распачаць,
бо ўсе яны раней былі чыесьці.
Хтось нарадзіўся з імі і сышоў,
хтось імі плакаў, трызніў у пакутах.
Людзей мільярды, і мільярды слоў,
а ад цябе чакаюць шчэ нячутых.
Усё было ўжо: шчырасць і прытворнасць,
краса і брыдзь, асфальты й спарышы.
Паэзія — заўсёды непаўторнасць
і неўміручы дотык да душы.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

Вольга Хвастова, "Пахне баршчом і геранню наш страчаны рай..."

Вольга Хвастова
* * *
Пахне баршчом і геранню наш страчаны рай…
Двойчы ступаць у раку — то благая прымета.
Я дагараю у верхніх слаях атмасферы, як тая камета…
Не давярай мне, маленькая, не давярай.
Ліпка — як патака, горача — нібы вулкан.
Прага сапраўднага льецца па жылах нястрымна.
Сумна, дзяўчынка, у гэтай сахары і зімна
Шторы — у пральні, і плача скалечаны кран.
Міру няма, ані міра няма, ані меры…
Нам засталіся пустыя пачуцці няверы.
Вырасце ў іх дзіцяня, нібы ў яслях, пасля:
З выгляду — ты, але ўпартае вельмі, як я.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

неділя, 5 жовтня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Паэтаў ніколі не быў мільён..."

Ліна Кастэнка
* * *
Паэтаў ніколі не быў мільён.
Не кожны з іх быў вандроўнікам.
Разбойнікам быў Франсуа Віён,
а Гётэ, Вольфганг, саноўнікам.
Былі сярод іх паслы, гандляры,
сангвінікі і халерыкі.
Былі разначынцы, паны, святары,
лунацікі і венерыкі.
Хто смела пісаў, хто тварыў тайком.
Бландзінам быў ці брунетам.
Героем, філосафам ці дзіваком.
Ды ніводны паэт не быў непаэтам.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

четвер, 25 вересня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Леў спіць, паклаўшы галаву на лапы..."

Ліна Кастэнка
* * *
Леў спіць, паклаўшы галаву на лапы.
Леў моцна спіць, ды сум яго гняце.
І мрояцца ільву марскія трапы,
і падарожжа ў трумнай цеснаце.
Цяжкое гора — трапіць у аблогу,
ільву ільвом у клетцы працаваць.
Ільвіцы-маме нават на дарогу
не выпала львянё пацалаваць.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

середа, 10 вересня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Натоўпам разарваная Гіпатыя..."

Ліна Кастэнка
* * *
…Натоўпам разарваная Гіпатыя
і Галілей, зняважаны не раз,
якаясь чалавечная сімпатыя,
а не каноны спалучылі нас.
Начэе ўжо. І смутак сэрца крые.
Ты расплятаеш думкі і касу.
Ну, а ў цябе, Складоўская Марыя
было і так, што не было і су?
Джардана, ты змарнеў. Паспаў бы трохі.
Ты ж быў дзіця, яны лічылі — леў.
Ты ўсё аддаў для людства, для эпохі.
Ты, хлопча, налюбіцца хоць паспеў?
Дамброўскі, ты курыць узяў за звычай?
Тарасе, ты ў самоце так і сціх?
Цябе спірытаў процьма шчэ пакліча.
Пашлі хутчэй да д’ябла іх усіх.
Бо гэта ж тыя самыя, каторыя
цябе губілі. Праўда, смех у тым,
што ёсць перпетуум-мобіле гісторыі:
мае забойцы — праўнукі тваім.
Худзенькі Гус… Яны яго звязалі.
Ім не адсохлі рукі да плячэй.
А ты блюзнер, падзвіжніку Везалій?
Праз тое боль душу тваю пячэ?
А ты ўтаймуй душэўныя нязгоды.
Будзь аптымістам, вунь як наш Тарас.
Перадавыя сілы спяць заўсёды,
ніводнага не выбавілі з вас.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

пʼятниця, 15 серпня 2014 р.

Анна Малігон, "Бывае, іншы раз цьмянее шкло..."

Анна Малігон
* * *
Бывае, іншы раз цьмянее шкло.
І з рук кудысьці рамяство ўцякло.
Ніякіх свят — за шолахам ялін.
І ў паднябессі ўжо спыніўся млын.
І ты — адзін.
А на канве згубіўся ўзор, загас.
Цябе ў зямлю затоптвае ўжо час.
І той, хто з ім ідзе. Спускай жа вочкі.
Мы — экспанаты пекла, што клякоча
у нас.
Хістаецца набраклая зямля,
як палуба начнога карабля,
а над табою хваляй гругановай
плывуць цянёты з моцнаю асновай
здаля.
Няўжо так лёгка нітку перакусіш?
Ты правадыр. Ты ўсё падужаць мусіш.
Не азірайся. Адганяй манюк.
Твае рамёствы шчэ не зналі рук.
Твае жанчыны чараў не сплялі.
Званамі зазвіняць твае палі.
Да самых воблакаў, павер. І затрасецца
халодны пыл магутных вершалін.
Прыслухайся — то ажывае млын
на сподзе сэрца…
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

четвер, 14 серпня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Наомі Уэмура"

Ліна Кастэнка
НАОМІ УЭМУРА
Ніхто не бачыў, як ён браў вяршыні,
сам па сабе, самотны альпініст.
Схаваўшыся ў калматай аблачыне,
дзе ні птушыны — толькі ветру свіст.
Адолеў буры, шквалы і завалы,
зрываўся у прадонні на хаду.
І толькі часам падаваў сігналы:
“Я Уэмура. Я іду”.
І трэба ж занурыцца так у горы,
каб на бялёсы голас вышыні,
бы ўчэпісты карэньчык мандрагоры,
паўзці праз леднікі ды камяні.
Не напаказ, не ў кадры і не тое,
каб дзеля славы, грошай ці забаў, —
сваё жыццё, нібыта ўцёс, крутое
ён з доляю сваёю сам змагаў.
Так і загінуў… Свет маўчыць пахмура…
Яшчэ адну вяршыню браў адзін
той дзіўны чалавек, што зваўся Уэмура, —
самотных гор самотны паладзін.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

неділя, 10 серпня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Аднойчы дзень усцешыць цяжкім плёнам..."

Ліна Кастэнка
* * *
Аднойчы дзень усцешыць цяжкім плёнам,
што не баіцца хвальбаў і няслаў.
Мой цвеце, біты сіверам студзёным,
усё-ткі завязь добрую ты даў.
Дармо, што столькі год прайшло ў пакутах,
што пільнавалі хмарышчы варон.
Душа, ад мук збалелая прачутых,
стварыць не можа бутафорскі плён.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.