неділя, 5 жовтня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Паэтаў ніколі не быў мільён..."

Ліна Кастэнка
* * *
Паэтаў ніколі не быў мільён.
Не кожны з іх быў вандроўнікам.
Разбойнікам быў Франсуа Віён,
а Гётэ, Вольфганг, саноўнікам.
Былі сярод іх паслы, гандляры,
сангвінікі і халерыкі.
Былі разначынцы, паны, святары,
лунацікі і венерыкі.
Хто смела пісаў, хто тварыў тайком.
Бландзінам быў ці брунетам.
Героем, філосафам ці дзіваком.
Ды ніводны паэт не быў непаэтам.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

четвер, 25 вересня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Леў спіць, паклаўшы галаву на лапы..."

Ліна Кастэнка
* * *
Леў спіць, паклаўшы галаву на лапы.
Леў моцна спіць, ды сум яго гняце.
І мрояцца ільву марскія трапы,
і падарожжа ў трумнай цеснаце.
Цяжкое гора — трапіць у аблогу,
ільву ільвом у клетцы працаваць.
Ільвіцы-маме нават на дарогу
не выпала львянё пацалаваць.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

середа, 10 вересня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Натоўпам разарваная Гіпатыя..."

Ліна Кастэнка
* * *
…Натоўпам разарваная Гіпатыя
і Галілей, зняважаны не раз,
якаясь чалавечная сімпатыя,
а не каноны спалучылі нас.
Начэе ўжо. І смутак сэрца крые.
Ты расплятаеш думкі і касу.
Ну, а ў цябе, Складоўская Марыя
было і так, што не было і су?
Джардана, ты змарнеў. Паспаў бы трохі.
Ты ж быў дзіця, яны лічылі — леў.
Ты ўсё аддаў для людства, для эпохі.
Ты, хлопча, налюбіцца хоць паспеў?
Дамброўскі, ты курыць узяў за звычай?
Тарасе, ты ў самоце так і сціх?
Цябе спірытаў процьма шчэ пакліча.
Пашлі хутчэй да д’ябла іх усіх.
Бо гэта ж тыя самыя, каторыя
цябе губілі. Праўда, смех у тым,
што ёсць перпетуум-мобіле гісторыі:
мае забойцы — праўнукі тваім.
Худзенькі Гус… Яны яго звязалі.
Ім не адсохлі рукі да плячэй.
А ты блюзнер, падзвіжніку Везалій?
Праз тое боль душу тваю пячэ?
А ты ўтаймуй душэўныя нязгоды.
Будзь аптымістам, вунь як наш Тарас.
Перадавыя сілы спяць заўсёды,
ніводнага не выбавілі з вас.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

пʼятниця, 15 серпня 2014 р.

Анна Малігон, "Бывае, іншы раз цьмянее шкло..."

Анна Малігон
* * *
Бывае, іншы раз цьмянее шкло.
І з рук кудысьці рамяство ўцякло.
Ніякіх свят — за шолахам ялін.
І ў паднябессі ўжо спыніўся млын.
І ты — адзін.
А на канве згубіўся ўзор, загас.
Цябе ў зямлю затоптвае ўжо час.
І той, хто з ім ідзе. Спускай жа вочкі.
Мы — экспанаты пекла, што клякоча
у нас.
Хістаецца набраклая зямля,
як палуба начнога карабля,
а над табою хваляй гругановай
плывуць цянёты з моцнаю асновай
здаля.
Няўжо так лёгка нітку перакусіш?
Ты правадыр. Ты ўсё падужаць мусіш.
Не азірайся. Адганяй манюк.
Твае рамёствы шчэ не зналі рук.
Твае жанчыны чараў не сплялі.
Званамі зазвіняць твае палі.
Да самых воблакаў, павер. І затрасецца
халодны пыл магутных вершалін.
Прыслухайся — то ажывае млын
на сподзе сэрца…
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

четвер, 14 серпня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Наомі Уэмура"

Ліна Кастэнка
НАОМІ УЭМУРА
Ніхто не бачыў, як ён браў вяршыні,
сам па сабе, самотны альпініст.
Схаваўшыся ў калматай аблачыне,
дзе ні птушыны — толькі ветру свіст.
Адолеў буры, шквалы і завалы,
зрываўся у прадонні на хаду.
І толькі часам падаваў сігналы:
“Я Уэмура. Я іду”.
І трэба ж занурыцца так у горы,
каб на бялёсы голас вышыні,
бы ўчэпісты карэньчык мандрагоры,
паўзці праз леднікі ды камяні.
Не напаказ, не ў кадры і не тое,
каб дзеля славы, грошай ці забаў, —
сваё жыццё, нібыта ўцёс, крутое
ён з доляю сваёю сам змагаў.
Так і загінуў… Свет маўчыць пахмура…
Яшчэ адну вяршыню браў адзін
той дзіўны чалавек, што зваўся Уэмура, —
самотных гор самотны паладзін.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

неділя, 10 серпня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Аднойчы дзень усцешыць цяжкім плёнам..."

Ліна Кастэнка
* * *
Аднойчы дзень усцешыць цяжкім плёнам,
што не баіцца хвальбаў і няслаў.
Мой цвеце, біты сіверам студзёным,
усё-ткі завязь добрую ты даў.
Дармо, што столькі год прайшло ў пакутах,
што пільнавалі хмарышчы варон.
Душа, ад мук збалелая прачутых,
стварыць не можа бутафорскі плён.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

пʼятниця, 8 серпня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Царыца Савы"

Ліна Кастэнка
ЦАРЫЦА САВЫ
Царыца Савы плакала ўначы.
А ўранні абудзілася пры славе,
у дыяментах, золаце, парчы.
І да яе ганцоў цары ўсе слалі.
Яна іх брала зграбнасцю ў палон.
Ніхто пры ёй разумным не здаваўся.
І нават сам прамудры Саламон
да скону веку ёю захапляўся.
Красуня, казка, магараджаў чар.
Віно вачэй, што не дае спакою.
Цуд-ружа у садах любоўных мар.
Маўчанне фаліянта трапяткое.
Гарачы сон. Нясталы Арыент.
Такі ў царыцы вобраз быў цікавы.
Жамчужына ў жуковіне легенд, —
царыца Савы, о, царыца Савы.
У дыяментах, золаце, парчы.
Вакол яе ахоўцаў незлічона.
Царыца Савы плакала ўначы.
Але няма пра тое ў Саламона.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.