понеділок, 10 лютого 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Вяртаюся крадком у тыя дні..."

Ліна Кастэнка
* * *
Вяртаюся крадком у тыя дні,
што ўсходзяць сонцам з сэрца глыбіні.
Там ёсць наш дом, абдымкі тваіх рук,
душа яшчэ не ведае разлук.
І на сяброў ёсць час, і на гасцей.
І шчасце ёсць. І доня ў нас расце.
І сын малюе красачку зары,
як той Маленькі прынц Экзюперы.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

четвер, 9 січня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Нядобра доля з нас пажартавала..."

Ліна Кастэнка
* * *
Нядобра доля з нас пажартавала.
Стаялі па нішто ў чарзе — і от
Прыйшло яно — як сполах, як навала,
Без права, без дазволу на прыход.
То непрытомнасць розуму і сэрца,
той казкі несканчоныя лясы…
І ні прычын, ні пробліску, ні сэнсу.
Ляціць душа над прорвай наўскасы.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

субота, 4 січня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Песенька з варыяцыямі"

Ліна Кастэнка
ПЕСЕНЬКА З ВАРЫЯЦЫЯМІ
І мусіш перажыць усякі верад,
І кожны фініш — гэта старт і ўздым.
І не патрэбна варажыць наперад,
І смуткаваць не варта па былым.
Хай твары ззяюць сотнямі вясёлак,
І даўніх дзён муку хай меле млын.
Засела сэрца, бы ў грудзях асколак, —
Усё загоіць вечны адпачын.
Хай будзе ўсё нябачанае бачаным,
Хай будзе ўсё прабачнае прабачаным,
Хай будзе век пражытым як належыць,
На жаль, ад нас нічога не залежыць…
А мусіш жыць і трапіўшы у нерат —
Набудзеш гарт і досвед ты у ім.
І не патрэбна варажыць наперад,
І смуткаваць не варта па былым.
Вось так, як ёсць. А можа быць і горай,
А можа дрэнна быць зусім, але
Пакуль шчэ розум не прагорк ад гора, —
Не будзь рабом і смейся, як Рабле!
Хай твары ззяюць сотнямі вясёлак,
І даўніх дзён муку хай меле млын.
Засела сэрца, бы ў грудзях асколак, —
Усё загоіць вечны адпачын.
Хай будзе ўсё нябачанае бачаным,
Хай будзе ўсё прабачнае прабачаным
Адзінае, што шчэ ад нас залежыць, —
Прынамсі, век пражыць свой як належыць…
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

четвер, 2 січня 2014 р.

Уладзімір Сасюра, "Так ніхто не кахаў..."

Уладзімір Сасюра
* * *
Так ніхто не кахаў. Праз вякі ды гады
Саспявае такое каханне.
І вясна на зямлі расцвітае тады,
і буяе зямля спазарання…
Лёгка дыхае ў сіняе неба яна,
узнімае да зор свае рукі…
І тады на зямлі расцвітае вясна
і трымціць ад салодкае мукі…
Млее сэрца маё ад шчаслівых вачэй,
што ў тумане гараць нада мною…
Разліваецца кроў і па жылах цячэ,
Быццам пахне яна лебядою…
Гэй, зіхоткія зоркі!.. Мой месяц святы!..
Ці ж бывае ярчэйшым каханне?..
Для яе я сарву Арыён залаты,
Я — з паэтаў рабочага рання…
Так ніхто не кахаў. Праз вякі ды гады
Саспявае такое каханне.
І вясна на зямлі расцвітае тады,
і буяе зямля спазарання…
Лёгка дыхае ў сіняе неба яна,
узнімае да зор свае рукі…
І тады на зямлі расцвітае вясна
і трымціць ад салодкае мукі…
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.

вівторок, 31 грудня 2013 р.

Ліна Кастэнка, "Боль адзінай зброі"

Ліна Кастэнка
БОЛЬ АДЗІНАЙ ЗБРОІ
Слова, мая ты адзіная зброя,
Мы не павінны загінуць абое.
Леся Украінка
У мегафонах мальваў — пеўняў спеў,
Ажно дрыжыць паліваю світанак…
Мой родны краю,
зроду ты не меў
нейтральных барваў — прэсных пурытанак.
Чырвона-чорны догмат рукава.
Пшанічны прынцып сонечнае нівы.
О, колькі слоў смарагдавых сяйва
было ў табе і выбухала жнівам.
З зямлі ўзрасталі словы, як жыты.
Налітым зернем выплывала мова.
Яна як хлеб мне шчодры і святы.
Крывёю продкаў ззяла пурпурова.
А хтось у ёй капаў за ровам роў.
Таптаў найдаражэйшае нам поле.
І сніцца сон: пасецца гурт кароў —
сем тлустых, ды худых паболей.
Азіміну скубуць і ярыну,
і брудзяць, брыдзяць, капытамі садзяць.
Трагічная мая! Табе труну
не толькі ворагі — сыны твае ўжо ладзяць.
Бяссмертная мая! Смяешся церпка.
Ты ў той труне, не змесцішся, дарэчы.
Яны ж бо ёлупы, яны ж знімалі мерку
З тваёй няславы й ганьбы, а не з велічы!
Твой дух ад тых зняваг не стаўся пусткай,
хоць лёс нам слаў кілімы чарнаты
то ад Вілюйска да Халуйска,
то з Кіева да Варкуты.
З усіх трыбун — аж дым над дэмагогам.
Усе кладуць ў аснову ленінізм.
Бо ж так ніхто не прысягае богам,
Як сатана — той самы шавінізм.
Як ты з тугою звыклася палыннаю!
Як часта крывадушыў твой Парнас!..
Кусок зямлі,
завешся ты Ўкраінаю.
Ты быў да нас. Ты будзеш пасля нас.
Мой пракаветны,
Мой умыты росамі,
сусветны,
кветны,
зорысты, з жывінкаю…
Калі ты нават зваўся Маларосіяй,
твая паэтэса была Украінкаю.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.

понеділок, 30 грудня 2013 р.

Паўло Тычына, "О панна Іна"

Паўло Тычына
О ПАННА ІНА
О панна Іна, панна Іна!
Адзін. Акно. Снягі…
Сястру я Вашу так кахаў —
Нявінна, аблачынна.
Кахаў? Даўно. Цвілі лугі…
О панна Іна, панна Іна,
Кахання ўсмех квітнее раз — хвілінна.
Снягі, снягі, снягі…
Я Вашы вочы памятаю,
Як музыку акта́ў.
Зімовы вечар. Ціша. Мы.
Я Вам чужы — я знаю.
А хтось крычыць: сваю спаткаў!
І раптам — неба… шолах гаю…
О не, то вочы Вашы. Я рыдаю.
Сястра ці Вы? Кахаў…
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.

субота, 28 грудня 2013 р.

Радка Стаянаў, "Бо Ты ж Багіня"

Радка Стаянаў
БО ТЫ Ж БАГІНЯ
Ручай да рэчкі коціць воды,
а рэчка — да марскіх глыбінь.
Ну, а мяне к табе заўсёды
нясе юнацкай мары плынь.
Улі ў душу мне спадзяванні!
Улі вясёлкавы нектар!
Наканавана нам дазвання
Спазнаць той шчодры Божы дар.
Усё мінецца хуткацечна,
Як выбліск яркі, прамільгне.
А мы з Табою жыцьмем вечна,
бо Ты ж Багіня для мяне!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2013.