четвер, 22 травня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Маці"

Ліна Кастэнка
МАЦІ
Яна была красуня з Кацярынаўкі.
Было ўжо у яе пяцёра вас.
Купляла вам гасцінчыкаў на грывенку
ля печы клапацілася штораз.
Хадзіла у царкву, каб памаліцца.
Сушыла ў сквар на плоце гладышы.
Яна была шчыруха-маладзіца
і мрою мала дзіўную ў душы.
У жудасны той час, аж звар’яцелы,
калі ў тых стэпах хто ні ваяваў,
яна аб небе зорным летуцела —
каб ёй на столі хто намаляваў.
Не чуўшы пра Растрэлі аніколі,
яна хадзіла ў стэп на буракі.
А вось не трама б тая, а на столі —
каб толькі неба водбліск трапяткі.
Уранні глянеш — сэрца прагне вышы.
Уночы бачыш зорыстыя сны.
Дзе б майстра напытаць, што неба піша?
Кругом касцы ды сейбіты адны.
Хацеў быў тую мару незямную
Уважыць неяк швагра, ды не змог.
Яна яму:
— Спыніся, бо турну я.
Твае нябёсы быццам шэры мох.
Адзін мастак калісьці ў год галодны
рабіць узяўся неба за харчы.
І пэндзляў меў набор ён богаўгодны,
на лаву стаў, адсунуў рагачы.
І воблакі ў яго віліся змеямі,
і ўжо пачаў быў сонца прамяні…
Але яна:
— Сыходзьце, вы не ўмееце.
На неба не падобнае ані.
Яна тым небам трызніла, гарэла ўся!
Яна была надзвычай маладой!
Ды гэтак з небапісцам і не стрэлася.
Яшчэ й жыццё — то з горам, то з бядой.
І плакаў бацька, і не знаў патолі,
і ўзорыстыя бляклі ручнікі,
калі над ёю не было ўжо столі,
а толькі неба водбліск трапяткі…
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

середа, 23 квітня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Мой першы верш пісаны быў ў акопе..."

Ліна Кастэнка
* * *
Мой першы верш пісаны быў ў акопе,
на той слабой ад выбухаў сцяне,
калі, згубіўшы зоры ў гараскопе,
дзіцячы свет мой гінуў на вайне.
Цякла пажараў вусцішная лава,
стаялі ў шызых кратэрах сады.
І западала наша пераправа
пад шквалам лютым полымя й вады.
Быў белы свет не белы ўжо, а чорны.
Распаленая ноч свяціла дню.
І той акопчык — як падводны човен
у моры дыму, жаху і агню.
То ўжо было не зайчыкам, не воўкам —
крывавы свет, гарэлая зара!
А я буйныя літары асколкам —
пісала, беручы іх з буквара.
Гуляць бы шчэ мне ў хованкі ды ў класы,
на крыллі вокладак у казкі б зноў ляцець.
А я пісала вершы пра фугасы,
а я ва ўпор пабачыла ўжо смерць.
О, бедаў недзіцячых боль той першы,
навек ён раніць сэрца без нажа!
Як немага не выкажаш у вершах,
ці не знямее, выпадкам, душа?!
Душа ў радках — як мора ў перыскопе.
А згадкі — як з былога караблі.
Мой першы верш пісаны быў ў акопе…
Ён друкаваўся проста на зямлі.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

середа, 9 квітня 2014 р.

Уладзімір Сасюра, "Любіце Ўкраіну..."

Уладзімір Сасюра
* * *
Любіце Ўкраіну, як сонца прамень,
як вецер, і травы, і воды…
У шчасця гадзіну і ў радасны дзень,
Любіце ў часіну нягоды.
Любіце Ўкраіну наяве і ў сне,
жывіце сваёю Ўкраінай,
яе хараством, што заўжды ў навізне,
і мовай яе салаўінай.
Між братніх народаў, бы ў садзе буйным,
зіхціць над стагоддзямі кронай…
Любіце Ўкраіну ўсім сэрцам сваім
і працай сваёю штодзённай.
Для нас на Зямлі яна толькі адна,
ва ўсім яна: ў родным штандары,
у яркіх сузор’ях і ў вербах яна,
і ў кожнага сэрца удары,
у красцы, у птушцы, ў электраагнях,
у кожнай спяванцы, у думе,
ва ўсмешках дзятвы, у дзявочых вачах
і ў хвалі Дняпровае шуме…
Як купіна, што не загасне павек,
існуе ў гудках і ў дубровах,
у процьме сцяжынак, лугоў і прасек,
і ў воблаках тых пурпуровых,
у громе гарматным, што зрынуў у прах
прыблуд у зялёных мундзірах,
у вострых штыках, што прабілі нам шлях
да вёсен і светлых, і шчырых.
Юнача! Ты ёй прысвяці кожны ўздых,
і ўсмешку, і ўзлёт свой вышынны…
Не можаш любіць ты народаў другіх,
не любячы палка Ўкраіны!..
Дзяўчына! Як сіняе неба без меж,
любі ты яе штохвіліны.
Каханага ты ад сябе адштурхнеш,
не любячы палка Ўкраіны!..
Любіце ў каханні ці ўстаўшы на бой,
Як спеў ясназоры, як квецце…
Ад сэрца любіце Ўкраіну — і з ёй
Мы вечныя будзем на свеце!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

пʼятниця, 4 квітня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Графіня Разумоўская"

Ліна Кастэнка
ГРАФІНЯ РАЗУМОЎСКАЯ
— Ты што, здурнеў? Куды мяне ты ўпёк?
Мне ў Пецярбургу цесна, невыносна.
Мне трэ, каб лес, каб поле, каб ставок,
а тут вось толькі двор — не ўбіць і носа.
Туды не стань, там слова не прамоў,
да тых і тых падлашчвайся, аж сумна!
Малюся я ў царкве да абразоў,
а тут, куды ні глянь, адны парсуны.
І ты набраўся: “сё”, і “то”, і “эта”.
Звянчаўся тут з царыцаю цішком.
Ды ёсць і ў Лемяшах Елізавета —
не з пыхай, як твая, а з ганарком.
У нас дзяўчаты — цяжка не ўлюбіцца,
на тры вярсты чуваць, як хто пяе.
Якая б з іх! А гэтая царыца —
валосся нат на коску не стае.
— Мамаша, годзе!
— Я яму мамаша!
Такі здурнеў ты, сыне, пры двары.
Чужына тут. І мова тут не наша.
Тут сыра. І даймаюць камары.
А тыя балі — нехаць спатыкнешся.
Шаўкі, шыфоны, шлейфы — як шляя.
Сама з сабою ледзьве размінешся, —
Куды ні ткнешся ў люстра — ўсюды я.
Абрыдлі мне “сіі”, і “це”, і “эці”.
Нямашака тут роднае душы.
Ну, ўсё. Бывай. Скажы Елізавеце:
вярнулася графіня ў Лемяшы.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

вівторок, 1 квітня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Гюго ў старым маяку"

Ліна Кастэнка
ГЮГО Ў СТАРЫМ МАЯКУ
Не верыцца. Ён вырваўся і знік!
Хай там Парыж жыве сабе, як хоча.
Ахоўвае тут цішу вартаўнік,
і мора аб стары маяк плюскоча.
Нікуды не спяшаецца ён тут:
ані ў цянёты славы, ні любові.
Стамлёная душа знайшла свой кут
і зможа ўрэшце выявіцца ў слове!
Бо, так ці сяк, усё-ткі тут маяк.
А у Парыжы неяк і ніяк.
Прыхільнікі, палітыкі, радня —
Усе цябе задурваюць штодня.
А тут хіба што пройдзе нездалёк
караблік нейкі, пасігналіць дзеду.
А за акенцам — мора і пясок,
пясок, пясок, і ні людскога следу.
Вунь невад. Паўзатоплены прычал.
Нішто прытулак для анахарэта.
Ды днямі вартаўнік быў закрычаў:
— Масье Віктор, імчыць сюды карэта!
Ідуць ужо, гукаючы: — Го-го!
Мы ўсё-ткі тут знайшлі цябе, Гюго!
Ну што сказаць?! Зрабіў з сябе пачвару,
хапком сабе намыліўшы паўтвару.
— Ты ім скажы, што нельга да Гюго!
Ён… розум страціў. Ён ужо таго.
І, выставіўшы мыльную шчаку,
прыскаліў вока і сказаў: — Ку-ку!
Ад мызы той шарахнуліся знайды.
Як індыкі, надзьмуліся — і гайда.
І селі. І паехалі — куды ж?
Сенсацыю разносіць у Парыж.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

неділя, 30 березня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Людзі з Табулена"

Ліна Кастэнка
ЛЮДЗІ З ТАБУЛЕНА
Як плыў кароль якойсьці там дынастыі,
дык, покуль шчэ відаць было карму,
ягоныя падданцы прыдунайскія
не пакідалі кланяцца яму.
Адныя табуленцы вольнаплечыя —
і як такіх трымае шчэ зямля?! —
не толькі разам з іншымі не ўкленчылі,
а нават не віталі караля.
Ні ў служках не служылі, ні ў эскортах,
лічыўшы ўсіх папіхічаў за тлю.
Кароль жа недалюбліваў іх, гордых,
ну й дзёрзкасць — не карыцца каралю!
Пры ім вяльможы з радцамі і войскі,
кругом мундзіры — ў золаце крыссё.
А гэтыя — асобныя, нясвойскія,
і маюць думку ўласную пра ўсё.
Але ў часы няшчасцяў найпрыкрэйшых,
дзяржаўных найскладанейшых праблем
не радцаў ён пытаўся, не старэйшын,
а пасылаў ганцоў у Табулен.
Бо пры двары народ жыве рахманы,
і смех ці сум тут толькі паказны.
Паклічце табуленцаў — і без зману,
начыстую ўсё выкладуць яны.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

понеділок, 10 лютого 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Вяртаюся крадком у тыя дні..."

Ліна Кастэнка
* * *
Вяртаюся крадком у тыя дні,
што ўсходзяць сонцам з сэрца глыбіні.
Там ёсць наш дом, абдымкі тваіх рук,
душа яшчэ не ведае разлук.
І на сяброў ёсць час, і на гасцей.
І шчасце ёсць. І доня ў нас расце.
І сын малюе красачку зары,
як той Маленькі прынц Экзюперы.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.