вівторок, 29 липня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Вачыма ты мне мовіў быў: люблю..."

Ліна Кастэнка
* * *
Вачыма ты мне мовіў быў: люблю.
Душа іспыт трымала нестрымоўны.
Як быццам ціхі водзван крышталю,
нямоўленае сталася нямоўным.
Жыццё ішло, мінула той перон,
дзе ціш крычала ў рупар неўтаймоўна.
Нямала напісана ўжо пяром.
Нямоўленае сталася нямоўным.
Світалі ночы, вечарэлі дні.
Людскія шалі лёс вагаў няўмольны.
І словы йшлі з душы, як прамяні.
Нямоўленае сталася нямоўным.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

понеділок, 21 липня 2014 р.

Дзмітро Паўлычка, "Два колеры"

Дзмітро Паўлычка
ДВА КОЛЕРЫ
Як я малы збіраўся па вясне
У свет пайсці нязнанымі шляхамі,
Аздобіла кашулю маці мне
Чырвонымі і чорнымі шыўкамі.
Два колеры мае са мной заўжды:
Яны на палатне, яны ў душы маёй.
Два колеры мае са мной заўжды:
Чырвоны — то любоў, а чорны — сум з журбой.
Куды б мяне ні кідала жыццё,
Ды я вяртаўся на свае парогі.
Спляліся, як матуліна шыццё,
Уцешныя і смутныя дарогі.
Два колеры мае са мной заўжды:
Яны на палатне, яны ў душы маёй.
Два колеры мае са мной заўжды:
Чырвоны — то любоў, а чорны — сум з журбой.
Павеяла мне ў вочы сівізна,
Ды толькі я адно вязу дахаты —
Той скрутачак старога палатна
І вышыты на ім мой век стракаты.
Два колеры мае са мной заўжды:
Яны на палатне, яны ў душы маёй.
Два колеры мае са мной заўжды:
Чырвоны — то любоў, а чорны — сум з журбой.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

пʼятниця, 18 липня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Дон Піпа Лірозі"

Ліна Кастэнка
ДОН ПІПА ЛІРОЗІ
Сіцылія. Этна. Душа бы ў гіпнозе.
І мора, і скалы, і ціша тэрас.
Дон Піпа Лірозі, мы вечна ў дарозе.
Я Вас толькі стрэла. Я згадваю Вас.
Мы дзесь размінуліся. Мо, у Леоне.
А мо, на Русі Вы гасцілі калі.
Дон Піпа Лірозі, у Вашай далоні,
я помню, і ружа, і шпага былі.
Той водзван тых слоў — ці не ваша тэрцына?
Той рыцар самотны — не вы у цямне?
Той шрам на шчацэ — ці не меч сарацына?
Той бляск у вачах — ці не смутак па мне?
Дон Піпа Лірозі, ці маем мы цені?
Вы грэк ці гішпанец? Для ўсіх быццам свой.
А мо, вы прастора, і ў шчырым імкненні
Абняць мяне хочаце крыламі хвой.
Бывайце, я еду, мы зноў у дарозе.
Дабра Вам і цішы святарных дуброў!
Калі б толькі ведаць, дон Піпа Лірозі,
праз колькі стагоддзяў спаткаемся зноў?!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

четвер, 17 липня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Шукайце цэнзара ў сабе..."

Ліна Кастэнка
* * *
Шукайце цэнзара ў сабе.
Ён там жыве, дрымотны, без галення.
Бы чорцік той у коміне, сапе
і ціха пазбаўляе вас сумлення.
З сярэдзіны пакрышку, не зара́з,
Ён зніме ўсё, дзе ўбачыць там іконку.
І непрыкметна вас дастане — з вас,
пакінуўшы пустую абалонку.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

пʼятниця, 4 липня 2014 р.

Андрэй Малышка, "Песня пра ручнік"

Андрэй Малышка
ПЕСНЯ ПРА РУЧНІК
Знаю, маці мая: ты начэй недаспала
І вадзіла мяне на пакос ля сяла,
І ў бясконцыя далі ты на золку мяне выпраўляла,
І ручнік вышываны на шчасце дала.
І ў бясконцыя далі ты на золку мяне выпраўляла,
І ручнік вышываны на шчасце, на долю дала.
Хай квітнее на ім расяністая сцежка,
З салаўямі гаі, з мурагамі лугі,
І твая трапяткая задушэўная ветлая ўсмешка,
І тужлівы твой позірк прыгожы даўгі.
І твая трапяткая задушэўная ветлая ўсмешка,
І тужлівы твой позірк прыгожы блакітны даўгі.
Той дзівосны ручнік, быццам лёс, пасцялю я
Пад пярэшапты траў ды пад шчэбет дуброў,
І на ўзорыстай тканцы ажыве ўсё, што сэрца хвалюе:
І дзяцінства, і ростані міг, і любоў.
І на ўзорыстай тканцы ажыве ўсё, што сэрца хвалюе:
І дзяцінства, і ростані міг, і матулі любоў.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

середа, 25 червня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Крылле"

Ліна Кастэнка
КРЫЛЛЕ
І праўда, навошта крылатым глеба?
Зямлі не будзе, дык будзе неба.
Не будзе поля, дык будзе воля,
Не будзе пары, дык будуць хмары.
Мусіць, здаецца так птушкам адвеку.
А што ж чалавеку? А як чалавеку?
Жыве на зямлі. І сам не лятае.
А крылле мае. А крылле мае!
Людское крылле не з пуху-пер’я,
А з праўды, сумлення і давер’я.
Бывае, з вернасці у каханні.
Бывае, з вечнага парывання.
Бывае, з прагнасці да работы.
Бывае, з рупнасці і турботы.
Бывае, з мары ці са спадзеву,
Нават з паэзіі або са спеву.
Нібыта сам чалавек не лятае…
А крылле мае. А крылле мае!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

пʼятниця, 20 червня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Каляровыя мышы"

Ліна Кастэнка
КАЛЯРОВЫЯ МЫШЫ
Даўно,
яшчэ ў шэсцьсот якімсьці годзе,
а значыць — больш за тры вякі таму,
калі яшчэ былі дуэлі ў модзе
і кары часам бавілі гурму,
калі палілі ведзьмаў-чарадзеек,
калі навук не ведаў ладам люд, —
кажу ж, даўно, у Вышаградзе неяк
дзяўчынка Ганна трапіла пад суд.
З дзясятак Ганне той было гадочкаў.
Яе прывёў раз’юшаны сусед.
З галін кляновых некалькі лісточкаў —
барвова-жоўты восеньскі букет —
паклаў на стол.
— Вось доказ — кінуў сцісла.
І зашасцела лісце на сукне.
Скупое сонца, яблык недакіслы,
стаяла ў голых клёнах у акне.
Тады сусед сказаў, каб чула зала:
— Панове суддзі! Я яе прывёў
Яна… мышэй яскравых штукавала
вось з гэтых жоўтых і сухіх лісткоў.
Змацуе неяк там свае лісточкі,
а потым дзьмухне двойчы — і памчаць.
Я бацька, у мяне сынок і дочкі,
дык кучай цацкі іхныя ляжаць.
Маіх дзяцей, нармальных і здаровых,
вядзьмарка давяла да забыцця.
Яны ўначы мышэй сняць каляровых,
нам тыя мышы не даюць жыцця!
На што суддзя ў судзейскай чорнай мантыі
сказаў:
— Жыццё — то справа без гарантыі.
Вядзьмарак мы караем па закону.
Вы прысягніце, пане, на ікону.
Ці з коміна яна ў паўночны час
калісь лятала, ці згасіла зорку?
Ці тыя мышы згрызлі нешта ў вас,
а ці ў падлозе дзесь прагрызлі норку?
— Нам мышы тыя, — адказаў сусед, —
такое шкоды не рабілі зроду,
у гаспадарцы добра ўсё, як след,
гаворка ж пра маральную йдзе шкоду.
Суддзя спытаў:
— Яны на вас фырчаць?
— Ды не ж. Аднак яны яскравай масці.
Тут пісар дзьмухнуў двойчы на пячаць.
Дзяўчо было адно ў сваім няшчасці.
Быў шэры дзень. І шэры люду сход.
І шэры стол. І шэрыя ўсе дзверы.
Ды раптам мяўкнуў каляровы кот.
Заліў чарнілам вырак на паперы.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.