пʼятниця, 10 квітня 2015 р.

Ірына Роік, "Дзень прадмесцяў прыгас..."

Ірына Роік
* * *
Дзень прадмесцяў прыгас — свежа пырскае снег
на абліччы сабораў. І з храма
вера ціха выходзіць, ступае без вех,
як ступалі Ева з Адамам.
Сінь і гоні вакол — бы на мапе якой,
я кранаю палітры валоссе.
Вера, быццам бы слава, цячэ ў твой спакой
і хвалюе будынкаў калоссе.
Лёд прадсэрдзяў растаў — і вада лье ды лье,
рукі поўняцца стомы металам.
Вера ж крылы імкнецца прасцерці свае
і у шчасці тоне трывалым.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2015.

пʼятниця, 16 січня 2015 р.

Васіль Стус, "Трывай, трывай — трыванне дух гартуе..."

Васіль Стус
* * *
Трывай, трывай — трыванне дух гартуе,
шліфуе нораў, звычаі твае.
Ніхто цябе з бяды не паратуе,
ніхто й з дарогі ўласнай не саб’е.
На ёй і стой, і стой ажно да скону,
па век вякоў трывала стой і стой.
Хай шлях у пекла, рай, ціскі палону —
трымайся ўзбоч ад роспачы і мрой.
Масці свой шлях — той, што тваім назваўся,
той, што абраў цябе да схілу дзён.
Адмалку ты яму наканаваўся,
табе ад Бога суджаны быў ён.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2015.

неділя, 14 грудня 2014 р.

Васіль Сіманенка, "Прароцтва 17-га года"

Васіль Сіманенка
ПРАРОЦТВА 17-ГА ГОДА
Гранітныя калоны, як медузы,
Паўзлі, паўзлі і выбіліся з сіл —
На могілках застрэленых ілюзій
Ужо няма мясціны для магіл.
Мільярды вер не вынеслі пакуты,
Мільярды шчасцяў каты сцерлі ў прах.
Душа гарыць. Палае розум люты.
Нянавісць скрозь рагоча на вятрах.
Каб думкі праяснелі ў затлумёных,
Каб да забітых зноў вярнуўся дух,
Дык неба, патанулае ў праклёнах,
Расселася б ад сораму і скрух.
Адплаціцца вам, каты, па заслузе!
Жыццё не нацягнуць на ваш капыл.
Вы чуеце? На могілках ілюзій
Ужо няма мясціны для магіл!
Цяпер народ — адна буйная рана,
І ад крыві хіжэе ўжо зямля,
І кожнага забойцу і тырана
Ужо чакае звітая пятля.
Бо сціжмы зацкаваных і забітых
Усталі й летуцяць аб судным дні,
І кляцьбы іх, згарчэлыя ў іспытах,
Падуць на гурбы душ гнілых і сытых,
І захістаюць дрэвы самавітых
Апосталаў злачынства і хлусні!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

пʼятниця, 5 грудня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Калі замоўклі менуэты..."

Ліна Кастэнка
* * *
Калі замоўклі менуэты
і гук тэрцынаў боскіх сціх,
былі ж музыкі і паэты,
ды не такія, як да іх.
Ішлі вякі, мільгалі людзі.
І адрасы мяняў Парнас.
Было ўсё так, як больш не будзе,
вось як пры іх, а не пры нас.
О Божа наш святы, адзіны!
Усяк бывае ж малады.
А ўсё не так, як праз часіны,
і ўсё не так, як пры тады.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

неділя, 12 жовтня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Я кіну ўсё..."

Ліна Кастэнка
* * *
Я кіну ўсё. Я веру ў кіламетры —
сасмаглыя, стамлёныя здаўна.
Нямала іх у матухны Дэметры —
багіняю зямлі была яна.
О, разматай дарогі мне, багіня!
Мне б за вачыма ўдалеч уцячы.
Ратуй мяне, ратуй мяне, бо гіне
мая душа, ў чужую гледзячы.
Пяшчотна так, з пачуццямі адданымі,
насуперак разумнаму ўсяму.
Ратуй мяне разлукаю і далямі, —
з сабою і ўспаміну не вазьму.
У горычы ааз праменнай цэдры,
дзе гром трымае ліўні ў рукаве,
дзе толькі адзінока вёрсты-зебры,
пасуцца у запыленай траве, —
хай будзе стэп, хай будзе лес і горы,
хай выбухнеш ты лютасцю зямной,
калі з вачыма злымі семафоры
журбою шлях зальюць перада мной!
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

вівторок, 7 жовтня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Страшыся слоў, калі яны маўчаць..."

Ліна Кастэнка
* * *
Страшыся слоў, калі яны маўчаць
ці ў нейкім затаіліся прадвесці,
калі няўцям, з чаго іх распачаць,
бо ўсе яны раней былі чыесьці.
Хтось нарадзіўся з імі і сышоў,
хтось імі плакаў, трызніў у пакутах.
Людзей мільярды, і мільярды слоў,
а ад цябе чакаюць шчэ нячутых.
Усё было ўжо: шчырасць і прытворнасць,
краса і брыдзь, асфальты й спарышы.
Паэзія — заўсёды непаўторнасць
і неўміручы дотык да душы.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.

Вольга Хвастова, "Пахне баршчом і геранню наш страчаны рай..."

Вольга Хвастова
* * *
Пахне баршчом і геранню наш страчаны рай…
Двойчы ступаць у раку — то благая прымета.
Я дагараю у верхніх слаях атмасферы, як тая камета…
Не давярай мне, маленькая, не давярай.
Ліпка — як патака, горача — нібы вулкан.
Прага сапраўднага льецца па жылах нястрымна.
Сумна, дзяўчынка, у гэтай сахары і зімна
Шторы — у пральні, і плача скалечаны кран.
Міру няма, ані міра няма, ані меры…
Нам засталіся пустыя пачуцці няверы.
Вырасце ў іх дзіцяня, нібы ў яслях, пасля:
З выгляду — ты, але ўпартае вельмі, як я.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.