Ліна Кастэнка
ЛЮДЗІ З ТАБУЛЕНА
Як плыў кароль
якойсьці там дынастыі,
дык, покуль шчэ відаць
было карму,
ягоныя падданцы
прыдунайскія
не пакідалі
кланяцца яму.
Адныя табуленцы вольнаплечыя —
і як такіх трымае
шчэ зямля?! —
не толькі разам з
іншымі не ўкленчылі,
а нават не віталі
караля.
Ні ў служках не служылі, ні ў эскортах,
лічыўшы ўсіх
папіхічаў за тлю.
Кароль жа
недалюбліваў іх, гордых,
ну й
дзёрзкасць — не карыцца каралю!
Пры ім вяльможы з радцамі і войскі,
кругом мундзіры —
ў золаце крыссё.
А гэтыя —
асобныя, нясвойскія,
і маюць думку
ўласную пра ўсё.
Але ў часы няшчасцяў найпрыкрэйшых,
дзяржаўных
найскладанейшых праблем
не радцаў ён
пытаўся, не старэйшын,
а пасылаў ганцоў
у Табулен.
Бо пры двары народ жыве рахманы,
і смех ці сум тут
толькі паказны.
Паклічце
табуленцаў — і без зману,
начыстую ўсё
выкладуць яны.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.