середу, 23 квітня 2014 р.

Ліна Кастэнка, "Мой першы верш пісаны быў ў акопе..."

Ліна Кастэнка
* * *
Мой першы верш пісаны быў ў акопе,
на той слабой ад выбухаў сцяне,
калі, згубіўшы зоры ў гараскопе,
дзіцячы свет мой гінуў на вайне.
Цякла пажараў вусцішная лава,
стаялі ў шызых кратэрах сады.
І западала наша пераправа
пад шквалам лютым полымя й вады.
Быў белы свет не белы ўжо, а чорны.
Распаленая ноч свяціла дню.
І той акопчык — як падводны човен
у моры дыму, жаху і агню.
То ўжо было не зайчыкам, не воўкам —
крывавы свет, гарэлая зара!
А я буйныя літары асколкам —
пісала, беручы іх з буквара.
Гуляць бы шчэ мне ў хованкі ды ў класы,
на крыллі вокладак у казкі б зноў ляцець.
А я пісала вершы пра фугасы,
а я ва ўпор пабачыла ўжо смерць.
О, бедаў недзіцячых боль той першы,
навек ён раніць сэрца без нажа!
Як немага не выкажаш у вершах,
ці не знямее, выпадкам, душа?!
Душа ў радках — як мора ў перыскопе.
А згадкі — як з былога караблі.
Мой першы верш пісаны быў ў акопе…
Ён друкаваўся проста на зямлі.
© Дзмітро Шчарбіна, беларускі пераклад, 2014.